СК выставіў абвінавачванні фігурантам паводле «справы графіцістаў»

Сёння ў аднаго з іх – Максіма Пякарскага – дзень нараджэння. Яму спаўняецца 24 гады.

І сёння ж Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскамувыставілі абвінавачванні паводле ч.2 арт.339 Крымінальнага кодэксу – «Хуліганства, учыненае групай асобаў» за нанясенне беларускамоўных графіці і запэцкванне бігборда.

Ці выстаўленыя абвінавачванні Вячаславу Касінераву, які знаходзіцца ў шпіталі, невядома. Яраслаў Ульяненкаў застаецца ў статусе падазраванага, піша ПЦ «Вясна».

Тры пастановы аб распачынанні крымінальных спраў былі аб\’яднаныя ў адно справаводства. Пры гэтым адная са спраў, распачатая паводле факту запэцквання фарбай бігборда з выявай супрацоўнікаў МУС і напачатку кваліфікаваная паводле арт.341 КК «Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці», была перакваліфікаваная таксама паводле ч.2 арт.339 КК.

Цяпер хлопцам пагражае абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін ад аднаго да шасці гадоў.

Ці будзе змененая мера стрымання ў дачыненні да Жаромскага і Пякарскага на час следства, стане вядома пазней.

Як раней адзначаў юрыст Праваабарончага цэнтра «Вясна» Павал Сапелка, нанясенне малюнкаў на сцены нельга ў гэтым выпадку расцэньваць як хуліганства, бо гэтыя дзеянні не носяць фактаў грубага парушэння грамадскага парадку, з выразам яўнай непавагі да грамадства.

«Магу смела сцвярджаць, што названыя надпісы з выявамі не парушаюць груба грамадскі парадак і не выказваюць яўнай непавагі да грамадства: у іх няма абразлівага зместу, табуяваных выразаў і азначэнняў.

Матыў нанясення такіх надпісаў пры названых абставінах не можа быць хуліганскім, такія дзеянні з\’яўляюцца спосабам выказвання меркаванняў.

Канстытуцыя Беларусі і абавязковы для яе Пакт «Аб грамадзянскіх і палітычных правах» абавязвае дзяржаву паважаць права на выказванне меркаванняў, калі яны маюць мірны характар, не маюць замаху на дзяржаўную або грамадскую бяспеку і маральнасць.

Безумоўна, гэтыя графіці таксама праява выказвання меркаванняў, якое не суправаджаецца наўпроставымі заклікамі да ўчынення супрацьпраўных дзеянняў. Гэтыя надпісы, як і малюнкі, наогул не прызыў. І менавіта з такога пункту гледжання яны павінны быць ацэненыя органам, які вядзе крымінальны працэс.

Усякага кшталту здагадкі, «дадумванні» за аўтараў сэнс надпісаў і малюнкаў пры расследаванні крымінальнай справы недапушчальныя, бо парушаюць прэзумпцыю невінаватасці», – кажа Сапелка.

Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя паводле падазрэння ва ўдзеле ў трох крымінальных справах: нанясення беларускамоўных графіці «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…», а таксама замазванне фарбай сацыяльнага бігборда з выявай супрацоўнікаў міліцыі.

Праваабарончы цэнтр «Вясна» ўжо выступіў з заявай з нагоды сітуацыі, якая склалася і патрабуе неадкладнага вызвалення з-пад варты Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага.