Стаўленне ўкраінцаў да інтэграцыі ў ЕС

03.04.2022

“У мяне ўражанне, што яны так ірвуцца да Адэсы, бо спадзяюцца знайсці там істотную колькасць «удзячных украінцаў». Асабліва з улікам трагічных падзей, якія там адбыліся 8 гадоў таму. На мой погляд – дарэмнае спадзяванне. Нават прыхільнікам «русского мира» не падабаюцца бомбы з неба. Да таго ж і 8 гадоў таму яны былі ў Адэсе ў меншасці. А што ўжо зараз казаць!

Недзе ў сярэдзіне восені 2013 года ў Магілёўскай турме ў расійскім часопісе «The Times» я прачытаў вялікае сацыялагічнае даследаванне пра стаўленне ўкраінцаў да інтэграцыі ў ЕС. Ва ўсіх рэгіёнах прыхільнікі еўраінтэграцыі перавышалі (у Адэсе вельмі выразна). За выключэннем Крыма і Усходняга Данбаса, дзе сітуацыя была выразна супрацьлеглай. Гэтае апытанне было зроблена яшчэ да Еўрамайдана, да «зялёных чалавечкаў». Па сутнасці, Расія «адгрызла» тое, што само было гатова да гэтага. А на іншыя кавалкі ёй было б лепей і не замахвацца.

Тое, што Украіна здолела адбіць […] свае гарады ў розных рэгіёнах, сведчыць пра здольнасць яе войска канцэнтраваць сілы для правядзення лакальных наступленняў і пра высокі баявы дух салдат. А мажліва, яшчэ і пра канцэнтрацыю расійскіх войскаў на іншых напрамках.

[…] Вельмі ўражвае трагедыя мірных жыхароў Марыупаля.”

Мікалай Статкевіч, Гомель, СІЗА №3

Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз – «пачкамі». І, канешне, апошнім часам Статкевіч, якога зараз утрымліваюць у СІЗА Гомеля, шмат разважае пра падзеі ва Украіне.