Лісты на волю

Выхаванне нацыі

17.04.2022

«Відавочна, што Украінская дзяржава здолела вырашыць грунтоўную задачу – выхаванне нацыі. Калі казаць карацей, то настаўнікі ўкраінскай мовы і гісторыі свае задачы збольшага вырашылі. Бо менавіта нацыянальная мова і нацыянальная версія ўласнай гісторыі фарміруюць патрыятызм. І ўкраінскі патрыятызм апынуўся дастаткова масавым і моцным, каб пераадолець распад дзяржавы і арміі ў 2014 годзе, каб спыніць расійскі напад зараз.

Безумоўна, патрыятычныя пачуцці не ўва ўсіх украінцаў аднолькава моцныя. Але відавочна, што менавіта ўкраінскі патрыятызм зрабіўся глыбокім перакананнем той часткі ўкраінскага грамадства, якая здольная ўспрымаць патрыятызм як матывацыю да самаахвярных дзеянняў. Найперш гэта асобы з моцна выяўленым родавым пачуццём высокай годнасці і элементамі рамантызму. Такіх людзей у грамадстве не вельмі вялікі адсотак, але яны складаюць ядро супраціву ў выпадку пагрозы іх нацыі. А ад наяўнасці такіх людзей залежыць стойкасць вайсковых падраздзяленняў падчас бою. Бо іх апантанасць натхняе, іх прысутнасць надае ўпэўненасці кожнаму салдату ў гэтым падраздзяленні, што ён не застанецца адзін супраць ворага.

Я ўжо цытаваў гэтую фразу Чэрчыля: «Нацыянальная мова і гісторыя абараняюць дзяржаву лепей, чым любое войска». Магу толькі дадаць, што палітыка звужэння сфер прымянення нацыянальнай мовы, замоўчванне нацыянальнай гісторыі – гэта палітыка дзяржаўнай здрады. Заўсёды так лічыў».

Мікалай Статкевіч, Гомель, СІЗА №3

Паводле слоў спадарыні Марыны Адамовіч, лісты ад Мікалая ідуць няроўна, іншы раз – «пачкамі». І, канешне, апошнім часам Статкевіч, якога зараз утрымліваюць у СІЗА Гомеля, шмат разважае пра падзеі ва Украіне.